28 Июня 2016, 16:36

5 праблем, якія прынясе беларусам дэнамінацыя

Ужо 1 ліпеня беларусы ўбачаць новыя грошы. Фінансавыя ўлады краіны ў адзін голас сцвярджаюць, што замена банкнотаў, з'яўленне манет і перапісванне цэнаў ніяк не паўплывае на дабрабыт і нервовы стан жыхароў краіны.

Але пытанні ўсё ж узнікаюць. Пералічым асноўныя з іх.

Новыя цэны

З імі ўжо блытаніна. Некаторыя крамы фактычна перайшлі на цэннікі ў рублях і капейках некалькі тыдняў таму (цэны ў дзясятках і сотнях тысяч пішуцца дробнымі лічбамі), чым няслаба збянтэжылі сваіх кліентаў. Псіхалагічна цана 2 рублі 40 капеек успрымаецца як 2400 "старых" рублёў. Хаця насамрэч гэта 24 тысячы. Так што будзьце асцярожныя і не лянуйцеся пералічваць новыя рублі ў старыя. Іначай можна вельмі хутка застацца з пустым рахункам.

Праблемы з банкаматамі

"Баланс картак будзе аўтаматычна пераведзены на новую валюту ў эквіваленце адзін да дзесяці тысяч. Арыентавана карткамі нельга будзе карыстацца з другой паловы 30-га чысла. І 1-га таксама. Гэта ўсё праз правядзенне дэнамінацыі", — расказваюць у даведачнай службе майго банка.

Пры гэтым супрацоўніца ветліва дадае, што агучаныя тэрміны могуць змяніцца — колькі дакладна нельга будзе карыстацца банкаматамі, сказаць цяпер увогуле немагчыма.

Таксама цікава, што абмежаванні закрануць не толькі карткі з беларускімі рублямі, але і валютныя. "Яны таксама не будуць працаваць у агучаны тэрмін. Аднак дэнамінацыя іх не закране. Сумы ў доларах і еўра памяншацца не будуць", — абяцаюць мне ў банку.

Нязручнасці падчас аплаты карткамі

Тэарэтычна плацежныя тэрміналы ў крамах таксама не павінныя быць адключаныя даўжэй, чым банкаматы. Аднак на практыцы справа выглядае іначай. У адной з крамаў у самым цэнтры Мінска бачу абвестку: "Плацежныя тэрміналы на касах не будуць працаваць з 1-га па 4-га ліпеня. Просім разлічвацца наяўнымі". На пытанне, чаму так доўга, касіркі толькі паціскаюць плячыма. І гавораць, што ў кожнага банка свае інструкцыі, таму вырашылі папярэдзіць пакупнікоў адразу на чатыры дні. Колькі насамрэч не будуць працаваць тэрміналы — ніхто не ведае.

Усё гэта актуальна таксама для разлікаў праз інтэрнэт. І тут чарговая праблема — частку плацяжоў магчыма ажыццявіць толькі безнаяўна. Таму ў найбліжэйшыя дні, імаверна, давядзецца адмовіцца ад намеру набыць квіткі на самалёт, аплаціць паход у кіно праз сетку альбо папоўніць баланс на тэлефоне.

Перапынкі ў працы банкаў

"30 чэрвеня працоўны дзень да 12. 1, 2 і 3 ліпеня разлікова-касавы цэнтр працаваць не будзе", — вісіць аб'ява на дзвярах аднаго з банкаў у цэнтры Мінска. Касіркі тлумачаць, што гэтак будзе не толькі ў іхным банку, але ўвогуле ў большасці разліковых цэнтраў краіны. "Яшчэ добра, што дэнамінацыя будзе ў пятніцу, перад выходнымі. Калі б пасярод тыдня, невядома, што ўвогуле магло быць, як бы краіна жыла", — расказваюць у банку.

Так што варта паклапаціцца пра ўсе неабходныя аплаты загадзя. Альбо валюту памяняць ці яшчэ што каму трэба. Большасць абменнікаў у горадзе працуе акурат у разлікова-касавых цэнтрах.

Магчымая дэвальвацыя

Тут таксама псіхалогія. І хай банкаўскія ўлады колькі заўгодна запэўніваюць, што дэнамінацыя — выключна тэхнічны працэс (так яно і ёсць), але падаражанне долара на 3-4 капейкі ў дзень будзе ўспрымацца нашмат спакайней, чым яго ж падаражанне на 300-400 рублёў. Хаця у выніку гэта тое самае.

Ці скарыстаюцца ўлады такой магчымасцю, пабачым неўзабаве. Пакуль жа палохае сама наяўнасць сярод новых банкнотаў купюры ў 500 рублёў. На старыя гэта 5 мільёнаў. Лагічнае пытанне: навошта такі высокі намінал, калі паводле прагнозу на пяцігодку да 2020 года інфляцыя зменшыцца да 5%?

Новыя грошы

А вось з імі пакуль больш за ўсё блытаніны. І калі да выгляду ўсе больш-менш прызвычаіліся альбо зробяць гэта за першы тыдзень, то якім чынам спалучыць у кашальку старыя банкноты з новымі (а яшчэ ж будуць, о божа, манеты) — зразумець пакуль складана. Выглядае на тое, што як мінімум першы тыдзень пасля дэнамінацыі рэшту ў крамах нам будуць выдаваць як старымі, так і новымі грашыма. Калі падчас ранейшай дэнамінацыі гэта не было асаблівай праблемай (тады купюры былі амаль аднолькавымі, адрозніваліся толькі колькасцю нулёў), то зараз шмат у чыіх галовах можа ўтварыцца хаос. А на месцы касіраў я б вельмі пастараўся ўзяць адпачынак на першыя тыдні ліпеня.

Алесь Пілецкі. Еўрарадыё

Комментарии читателей:

Новость дня:

Бобруйск как центр российских коллаборантов

Как под Бобруйском учили убивать. История СС «Данмарк» в Беларуси.

Актуальное интервью:

Алесь Сьнег: «Быць нефармалам у Бабруйску небяспечна»

Мы працягваем знаёміць вас з лёсамі і гісторыямі тых, хто кожны дзень стварае «Арт Сядзібу». Наш наступны герой – Алесь Сьнег.

Выбор редакции:

Перестарались

В полдень 26 марта в Бобруйске сотрудники силовых структур задержали 34 человекa.