07 Февраля 2017, 14:57

Алесь Сьнег: «Быць нефармалам у Бабруйску небяспечна»

Мы працягваем знаёміць вас з лёсамі і гісторыямі тых, хто кожны дзень стварае «Арт Сядзібу». Наш наступны герой – Алесь Сьнег.

Самаробны сцяжок на заплечніку, касеты гурта N.R.M., школьны гурт, доўгія валасы, вершы… На першы погляд, сталенне простага хлопца з Бабруйску Аляксея Шумілава падобнае на сотні лёсаў ягоных равеснікаў.

Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі насычана і разнастайна, наколькі гэта дазваляў горад Бабруйск. Хлопчык наведваў каратэ, лёгкую атлетыку, дзіцячыя летнікі.

У віры падлеткавага жыцця з’явіўся псеўданім «Алесь Сьнег»: аднойчы ў летніку дзяўчаты заўважылі на швэдры Лёшы катышкі. «Сняжок» – жартаўлівая мянушка прыляпілася імгненна, і з цягам часу стала больш вядомай за сапраўднае прозвішча.

Як Аляксей стаў Алесем – гэта таксама цікавая гісторыя. У 2005 годзе хлопец пайшоў на фестываль «Рок за Бобров».

«Я ўзяў белую тканіну, намаляваў чырвоную палоску па сярэдзіне і павесіў на заплечнік», – расказвае артсядзібавец. – Спецназ на ўваходзе запатрабаваў зняць «сцяг» ды паказаць, што ў заплечніку. Там была кніга «Іх “Мроя”. Іх N.R.M.». Не ведаю, чаго я яе ўзяў. Мо, па аўтограф Вольскага», – узгадвае падрабязнасці Алесь.

Калі цікавасць вартаўнікоў палітычнай стабільнасці знікла, хлопца паклікала беларускамоўная кампанія. «Як цябе завуць?» – «Аляксей» – «Алесь?».

Так Аляксей Шумілаў і стаў Алесем Сьнегам.

«Быць нефармалам у Бабруйску небяспечна».

Бабруйск – родны горад Алеся. У гэтым горадзе пазнаёміліся ягоныя бацькі. Значны ўплыў на Алеся зрабілі і іншыя сваякі. Ён з цёплынёй узгадвае сваю бабулю з Хабараўска: калі муж прывёз яе ў Беларусь, яна дасканала вывучыла беларускую мову. Алесеў дзед склаў генеалагічнае дрэва, напісаў біяграфіі продкаў, сабраў сямейныя архівы і старанна захоўвае ўсё ў вялікіх чамаданах.

Дзед Васіль – сябра апазіцыйнай камуністычнай партыі. Спачатку ён казаў, што ўнук замалы для палітыкі, але неўзабаве з ягонай жа падачы Алесь раскідваў па паштовых скрынях газету «Таварыш».

«Там пісалі не толькі прапагандысцкія рэчы. Шмат было пра музыку, – узгадвае артсядзібавец. – Важныя сямейныя падзеі адбываюцца толькі ў дзядуліным доме. Без яго слова мала што вырашаецца».

«У плане культуры ды і субкультуры Бабруйск слабенькі. У маім юнацтве нефармалам прыходзілася цяжка: можна было атрымаць у бубен. І мне таксама часам даставалася, – прызнаецца Алесь і падсумоўвае: – У Бабруйску свой невытлумачальны дух».

У Алеся ёсць дзядзя – Сяржук Русецкі, як кажуць, «шырока вядомы ў вузкіх колах» актывіст, ён выкладаў у Коласаўскім ліцэі. Цяпер жыве ў Віцебску ды працуе ў папулярным бары «Торвальд».

Вырашальную ролю ў фарміраванні светапогляда Алеся Снега адыграла нядзельная габрэйская школа. Чым там займаюцца? Малююць, вывучаюць гісторыю Ізраіля, чытаюць Тору і штудыруюць іўрыт. Алесь расказвае, што найбольш яго ўражвалі летнікі ад габрэйскай школы. Звыклыя піянерскія летнікі не ішлі з імі ні ў якае параўнанне. Калі за перамогу ў конкурсе там узнагароджвалі шакаладкай, то ў габрэйскім за тое самае – давалі пазваніць гурту «Нестандартный вариант» і паразмаўляць з музыкамі.

«Гэта было нешта неверагоднае! – кажа хлопец. – У тым асяродку заўсёды падкрэслівалі: «мы габрэі» – не ў сэнсе «лепшыя», а ў сэнсе «ўнікальныя». Паміж імі неверагодная салідарнасць. Дзякуючы габрэям і гэтаму іх прынцыпу я пазней палюбіў беларускасць».

«Баранавічы трымала інтэлігенцыя»

Беларускасць Сьнега расквітнела яшчэ ў школе. Яны з сябрам стварылі гурт з каларытнай назвай «Крывавы край».

«Мы склалі маніфест: абяцаем усё жыццё спяваць па-беларуску. Было тры подпісы. Здаецца, толькі я адзін застаўся верным той дэкларацыі», – смяецца Алесь.

Ягоны сябар прывозіў з Мінска музыку на касетах: «Вось паслухай. Увесь Мінск фанацее». Гэта былі «Крама», «НейроДюбель», «Індыга» ды, канешне ж, N.R.M. Пасля Алесь сам рэгулярна адсочваў новыя альбомы беларускіх гуртоў. Таксама цікавіўся ўкраінскай музыкай. Нават пераклаў з украінскай на беларускую вядомую песню «Скрябіна» пра «американський прапор».

У годзе 2005-м хлопец хацеў далучыцца да «Зубра», аднак не паспеў: арганізацыя развалілася. Дарэчы, «кар’ера» іншага артсядзібаўца Паўла Белавуса ў «Зубры» таксама не задалася, а ў Мікіты Броўкі не выйшла з «Маладым Фронтам». Пра гэта – у наступных гісторыях.

Сьнег хацеў паступіць у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, аднак 196 балаў з 400 магчымых зрабілі мару бабруйчаніна немагчымай. Хлопец паехаў у Баранавічы штурмаваць «Гаспадарчае права» у мясцовым універсітэце. Алесь ні кроплі не пашкадаваў пра свой выбар, вучыўся на платным і скончыў з чырвоным дыпломам.

Аднак самае важнае, што атрымаў у той перыяд малады чалавек, не вымяраецца пасведчаннямі і адзнакамі.

«Горад трымала інтэлігенцыя. Віктар Сырыца, старшыня баранавіцкага ТБМ, быў як народны мэр. Людзі вакол зрабілі атмасферу горада падчас маёй вучобы вельмі добрай», – узгадвае хлопец.

Жаданне «У Мінск! У Мінск!» усё ж узяло верх. Пасля alma mater за адзін тыдзень ён знаходзіць працу ў сталіцы і пераязджае. Не дзіва, што сюды Сьнега цягнула магнітам: ужо ва ўсю раскручвалася «Арт Сядзіба»!

«У літаратурную тусоўку не імкнуся»

Пра адкрыццё «Арт Сядзібы» ён чуў яшчэ ў Баранавічах. Калі была магчымасць наведаць Мінск, памяшканне на заводзе «Гарызонт» было першым месцам, куды ішоў Алесь у вольны час.

У «Арт Сядзібе» Алесь стаў вядомым: ён часта чытаў вершы, якія прыйшліся да спадобы наведвальнікам культурнай прасторы. Тут ён асабіста пазнаёміўся з іншымі паэтамі: Андрэем Хадановічам, Віталём Рыжковым, Валярынай Куставай і Глебам Лабадзенкам.

«Неяк Хадановіч спытаўся: “Вы Алесь Сьнег?” Ого! Адкуль ён ведае маё імя? – быццам какетнічае мой суразмоўца. – Я не імкнуся ў літаратурную тусоўку. Мне цікава паслухаць паэзію, самому пачытаць і пайсці дадому. Самае прыемнае, калі пішуць водгукі ў сацыяльных сетках ды ўгадваюць тое, што я адчуваў, калі пісаў верш».

Першыя некалькі гадоў у Мінску ён працаваў юрыстам у ЖЭСе. Пра гэты час ён расказвае без шкадавання, бо набыў досвед працы ў дзяржаўнай структуры.

Сёння «Арт Сядзіба» і «Symbal.by» – ягоны асноўны занятак. Алесь не аддзяляе ўласнага поспеху ад дасягненняў каманды і шчыра радуецца, што належыць да артсядзібаўскай сям’і. Дзякуючы «Арт Сядзібе» ён пазнаёміўся з беларускамоўнай дзяўчынай, з якой цяпер будуе стасункі.

«Для мяне ў адносінах важна разуменне адзін аднаго і ўзаемны давер», – кажа Алесь Сьнег.

Комментарии читателей:

Новость дня:

Бобруйск как центр российских коллаборантов

Как под Бобруйском учили убивать. История СС «Данмарк» в Беларуси.

Актуальное интервью:

Алесь Сьнег: «Быць нефармалам у Бабруйску небяспечна»

Мы працягваем знаёміць вас з лёсамі і гісторыямі тых, хто кожны дзень стварае «Арт Сядзібу». Наш наступны герой – Алесь Сьнег.

Выбор редакции:

Перестарались

В полдень 26 марта в Бобруйске сотрудники силовых структур задержали 34 человекa.