06 Февраля 2014, 08:37

Гэта наша ярэмца…

Предлагаем читателям нашего сайта интервью главного редактора газеты "Бабруйскае жыццё" Александра Казака с профессором Алексеем Ненадовцом.

Ён лёгка чытае па-руску, па-украінску, па-польску, па-нямецку. Але выдае свае манаграфіі, артыкулы і вершы выключна па-беларуску. Яго часта запрашаюць на Першы нацыянальны канал радыё, яму шмат пішуць з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, бо чытаюць яго кнігі па міфалогіі, гісторыі, краязнаўству. І нават калі б ён напісаў адну з іх – «Нарысы беларускай міфалогіі», яго імя засталося б ва ўдзячнай памяці нашчадкаў. Невыпадкова нядаўна яму – Аляксею Міхайлавічу Ненадаўцу, доктару філалагічных навук, прафесару, загадчыку кафедры філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ў Бабруйску – па выніках 2013 года прысуджана спецыяльная прэ-мія імя Міхася Лынькова.

– Я б хацеў пачаць з нечаканага, мо і для вас, пытання: усе ведаюць прафесара Ненадаўца як навукоўца, выкладчыка, а ці застаяцеся вы паэтам-парадыстам, якога бабруйчане ведалі гадоў дваццаць пяць таму?

– Наўрад ці, бо паэзія не стала, на жаль, мацнейшай, яна стала слабейшай. Раней, каб напісаць пародыю, трэба было папрацаваць, пашукаць нейкія нязграбныя радкі. А зараз і шукаць не трэба, іх вельмі шмат. Таму і нецікава зараз пісаць пародыі. Ды і часу зараз не хапае, бо займаюся больш маштабнымі праектамі.

– Вы кажаце, узровень паэзіі не той зараз. Дык а хто ж прыйдзе на змену паэтам, на творчасці якіх вучыліся мы з вамі?

– Ведаеце, наша паэзія быццам пайшла іншымі напрамкамі. Быццам забылася на свае традыцыі і захапілася нейкім імітаваннем ці то індыйскай, ці то японскай паэзіі. А ў нас жа былі Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч з іх прыземленымі вершамі… Ды і выгадаваць паэта – на гэта патрэбен не адзін год. На вялікі жаль, у Бабруйску акрамя Святланы Басуматравай я не ведаю сапраўдных паэтаў. Раней былі яшчэ Марыя Гудкова, Мікола Мельнікаў, а зараз нікога прыгадаць не магу.

– Нешта мы аб сумным, хочацца, каб весялей было. Дазвольце, Аляксей Міхайлавіч, павіншаваць вас з прысуджэннем прэміі Бабруйскага гарвыканкама, якая носіць імя Міхася Лынькова. Як бы вы самі сфармулявалі нагоду гэтай узнагароды?

– Паколькі ўсе ведаюць, што прэмія ўручаецца за папулярызацыю беларускай мовы, то, як я разумею, мне яна прысуджана за тыя тысячу дзвесце публікацый і амаль пяцьдзясят кніжак, што выйшлі з-пад майго пяра. Лічу, за гэта, бо ўсе яны, за выключэннем адной, напісаны на роднай мове. І гэта вельмі важна, калі адзначаюць працу па захаванню беларускай мовы, якая апошнім часам пачала прайграваць другой дзяржаўнай мове.

– А ці можаце вы сёння ўявіць, што прэмію імя Міхася Лынькова атрымаў бы, скажам, эканаміст, выпускнік, скажам, вашага ўніверсітэта?

– З цяжкасцю гэткае ўяўляю. Хаця ў мяне ёсць дзесяць працэнтаў студэнтаў, якія размаўляюць са мною на беларускай мове. І гэта своеасаблівы зрэз нашага грамадства – гэтыя дзесяць адсоткаў адлюстроўваюць ступень ужывання роднай мовы ў нашым грамадстве. Лічу, што для нашага філіяла гэта неблагі працэнт. Але галоўнае, каб студэнты разумелі, успрымалі інфармацыю па сваіх спецыяльнасцях, на якой бы мове яна ні падавалася. Здаецца, у нас з гэтым парадак. Калі ў філіял прыязджаў рэктар БДЭУ Уладзімір Мікалаевіч Шымаў, ён цудоўна разумеў беларускую мову, заўважыўшы, што чыстая, не трасянка, яму вельмі яна падабаецца.

– Зразумела, праблема захавання і пашырэння сфер ужытку беларускай мовы носіць агульнадзяржаўны характар. Але што б зрабілі, да прыкладу, вы ў гэтым накірунку?

– Не сакрэт, што гадзіны выкладання мовы скараціліся, у тым ліку і за кошт пашырэння праграм вывучэння замежных моў, гістарычных дысцыплін. Чамусьці лічыцца, што абітурыенты прыходзяць да нас ужо з веданнем мовы. Але ж гэта не так, таму і глядзяць часам вырачанымі вачыма, калі я выкладаю тэму, што разлічана на восем гадзін, за дзве.

– А ці ёсць інтарэс, цяга да беларускай мовы ў студэнтаў?

– Вы ж ведаеце, ёсць такія, што ім усё адно – беларуская, японская ці кітайская мова… Прыемным эпізодам стала для мяне студэнтка Ліля татарскага паходжання. Прыехаўшы з-пад Казані вучыцца ў Бабруйск, яна пажадала ведаць нашу мову. Я нават спачатку не паверыў у сур’ёзнасць намераў, кажу, навошта? А яна адказвае, маўляў, за беларуса замуж пайду, трэба разумець мужа дасканала. І пайшла, жыве зараз у нашым горадзе. А нашы землякі часам не ведаюць роднай мовы і нават бравіруюць гэтым. Забываючыся, што ў дзяржаўнай навучальнай установе трэба ведаць абедзве дзяржаўныя мовы. Паспрабаваў бы амерыканскі абітурыент сунуцца ў Гарвардскі ўніверсітэт, заявіўшы, што не ведае англійскай…

– Дык як жа нам захаваць матчыну мову?

– Я шмат ездзіў і езджу ў экспедыцыі па Беларусі. І прыходжу да сумнай высновы: калі раней захавальніцай мовы была вёска, дык зараз носьбіты адвечнай мовы проста фізічна вымерлі. А засталіся карыстальнікі выключна трасянкі, што страшэнна каверкаюць рускую і не ведаюць беларускай. І вось іх дзеці з гэткім жа багажом ідуць па жыцці. Пры гэтым прызнаюць, што не ведаюць роднай, таму «будут разговаривать по-русски». Але ж і гэтай мовы добра не ведаюць, падбіраюць словы, а часцей ужываюць мат ды іншае моўнае пустазелле.

– А яшчэ ж ёсць патрэба ў авалоданні замежнымі мовамі…

– Так, час патрабуе вывучэння, ведання некалькіх моў. Але ж гэта не навіна. У БССР дзевяноста пяць год таму карысталіся чатырма мовамі – беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай. Прынамсі, дзяржаўныя служачыя павінны былі ведаць іх. А я наогул прыгадаю гістарычны факт з часоў паўстання 1863 года: адзін з яго ўдзельнікаў паслаў ліст маці і, ведаючы, што карэспандэнцыю перлюструюць, змясціў радкі наконт таго, што цэнзура не прапусціць яго пісьмо. Але яно дайшло, праўда, з заўвагай цэнзара на польскай мове, на якой у мэтах канспірацыі быў напісаны ліст, – «У мяне таксама ёсць маці і сэрца ў грудзях».

– Паліглотамі ўсе не будуць, а як, па-вашаму, зацікавіць людзей у сваёй роднай мове?

– Здаецца, напачатку дзевяностых уводзілі яе вывучэнне ў дзіцячых садках. Выхаванцы тых садкоў сёння ўжо нашы студэнты, маладыя спецыялісты, і яны гавораць па-беларуску. Лічу, гэта быў удалы эксперымент, бо дзеці ў гульнявой форме авалодвалі мовай. Нядрэнна было б узяць гэты вопыт на ўзбраенне ў будучых рэформах.

Ну і, безумоўна, сваю ролю адыграюць літаратура, мастацтва, друк, якія трэба скіраваць у нацыянальнае рэчышча. Каб вярнуцца да каранёў, трэба ўзбагаціць сябе вялікімі ведамі, усім багаццем ведаў.

– Пра адраджэнне гаворыцца шмат – духоўнасці, культуры, мовы, але ці не спекулююць часам на гэтым нейкія палітыканы ў сваіх карысных мэтах?

– Я ў палітыку не лезу. Мне падабаюцца літаратура, міфалогія, краязнаўства, падабаецца працаваць са студэнтамі. Каб гэтым усім займацца, трэба ад многага адмаўляцца – ад адпачынку, ад амбіцый, ад палітычнай актыўнасці. Тады і вынік будзе. Я, напрыклад, ганаруся, што падрыхтаваў пяць кандыдатаў навук…

– А як, на ваш погляд, можна выкарыстаць тэорыю малых спраў у практыцы захавання і развіцця роднай мовы сёння?

– Мне вельмі падабаецца, што ў бабруйскіх тралейбусах прыпынкі аб’яўляюць па-беларуску. Адразу некаторыя пасажыры пасмейваліся, а зараз усе гэта прымаюць нармальна. Не трэба папулісцкіх рашэнняў, і тады ўсе прыйдуць да разумення, усвядомяць неабходнасць нацыянальнай мовы і стануць сапраўды шчырымі беларусамі.

– Ці хвалююць вас працэсы, што адбываюцца ў сучаснай беларускай мове, ці не пагражае ёй засмечванне накшталт «языка падонкаф» у рускай?

– На мой погляд, становішча з мовай у Расіі жахлівае. У нас слэнгі не пануюць, але рэформы, што адбываліся – ад тарашкевіцы да апошніх новых правілаў правапісу – спраў нарабілі. Сёння цяжка разабрацца не толькі школьнікам, а і настаўнікам. Мякка кажучы, літаратурная мова з класічных твораў сёння ўжо не адпавядае арфаграфіі, што прынята апошнім часам. Увогуле стратэгічная памылка, лічу, была дапушчана ў савецкі час, калі, скажам, замежныя творы перакладаліся не з арыгіналу, а ўжо з рускага перакладу. Гэтак мы пазнавалі Апалінэра, Гашака або Кафку. Я асабіста калісьці здаваў экзамен па Роберту Бёрнсу, карыстаўся, як і ўсе, перакладамі Маршака, адчытаў, памятаю, «Вясёлых жабракоў», прааналізаваў творчасць і атрымаў заслужаную «пяцёрку». А ўжо ў гэтыя нашы дні трапіўся пераклад Бёрнса на беларускую мову, і я адкрыў для сябе іншага шатландскага паэта – справа ў тым, што Маршак перакладаў у сваім стылі, а беларускі варыянт, спадзяюся, не з рускай, а з арыгіналу, паказаў мне Бёрнса больш складанага, удумлівага.

– Пакуль іншы дабярэцца да слынных аўтараў, яго больш з’арыентуюць у адваротным напрамку з экрана тэлевізара і дынаміка радыё, ці не так, Аляксей Міхайлавіч?

– Гэта вы наконт таго, што гучыць для нашых вушэй? Мяне таксама непакоіць засілле англа- і рускамоўных песень у беларускім эфіры. Не ведаю, якімі там «фарматамі» тлумачаць яго вашы калегі, але ў гады маёй маладосці з кожнага рэпрадуктара спявалі «Песняры» і неслі сапраўдную паэзію і якасную музыку, так бы мовіць, у масы. Сёння FM-радыёстанцыі не абцяжарваюць сябе рэпертуарам беларускіх аўтараў, яны нават не называюць, у сваёй большасці, ні выканаўцаў, ні паэтаў і кампазітараў, песні якіх транслююць. Інфарматыўнасць бясконцых трэкаў і хіт-парадаў зведзена да мінімуму. Уражанне такое, што гаспадары эфіру саромеюцца сваіх аўтараў, бо круцяць лухту. А ў выпадку, калі ананімна гучаць добрыя песні, праяўляюць абураючую непавагу да іх стваральнікаў і абкрадваюць слухачоў. Напрошваецца выснова: на шалях, дзе з аднаго боку аўтарскае права, а з другога камерцыйная выгада, пераважвае апошняя…

– Дык што ж для вас мова, паважаны прафесар?

– Чыстая, правільная, глыбінная народная мова ёсць важны інструмент у будаванні самасвядомасці чалавека. Вы заўважце, калі два-тры чалавекі пачынаюць гаварыць па-беларуску, акружаючыя прыціхаюць, прыслухоўваюцца, мова не пакідае іх абыякавымі і абавязкова пакіне нешта ў іх галовах, душах.

– А яшчэ, напэўна, яна можа быць сродкам міжнацыянальных зносін, прынамсі, у славянскім асяроддзі?

– І не толькі ва ўсходніх славян. Прыгадваю, некалі Машэраў прыехаў на адзін з варшаўскіх заводаў. Пачаў выступаць па-руску, а яго папрасілі перайсці на беларускую мову. Ён цудоўна яе ведаў і зрабіў прамову на беларускай так, што палякі добра яго зразумелі. Славяне, дзе б яны ні жылі, заўсёды знойдуць агульную мову. Мяне калісьці вучыла ў Гомельскім універсітэце прафесар Фёдарава, ленінградка па месцы нараджэння, дык яна ведала гаворкі і дыялекты ўсёй Беларусі, па вымаўленню вызначала, з якой мясцовасці студэнт.

– На вашым дыпломе да спецыяльнай прэміі Міхася Лынькова ёсць яго словы: «Несці нашчадкам у сэрцы родную мову». Як лічыце, выканаем гэты наказ?

– Абавязаны, гэта ж наша ярэмца, яго трэба цягнуць, каб быў плён і ў нашых нашчадкаў. Лічу гэта задачай дзяржаўнай важнасці. І радуюся, што органы дзяржкіравання разумеюць гэта таксама і заахвочваюць папулярызатараў роднай мовы прэміямі, як гэта робіцца ў нас у Бабруйску. Наколькі ведаю, гэта адна з нямногіх падобных регіянальных узнагарод у нашай краіне. Дзякуй за адзнаку.

Крыніца: газета "Бабруйскае жыццё" Аляксандр КАЗАК.

Фота: Проза.РУ

Комментарии читателей:

Новость дня:

Бобруйск как центр российских коллаборантов

Как под Бобруйском учили убивать. История СС «Данмарк» в Беларуси.

Актуальное интервью:

Алесь Сьнег: «Быць нефармалам у Бабруйску небяспечна»

Мы працягваем знаёміць вас з лёсамі і гісторыямі тых, хто кожны дзень стварае «Арт Сядзібу». Наш наступны герой – Алесь Сьнег.

Выбор редакции:

Перестарались

В полдень 26 марта в Бобруйске сотрудники силовых структур задержали 34 человекa.